ФОТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ,
электрычныя з’явы, якія адбываюцца ў рэчыве пад дзеяннем эл.-магн. выпрамянення. Маюць месца, калі энергія паглынутага рэчывам кванта эл.-магн. выпрамянення (фатона) затрачваецца на пераход электрона ў стан з большай энергіяй. Характар Ф.з. залежыць ад суадносін паміж энергіяй фатонаў і характэрнымі энергіямі рэчыва (энергіяй узбуджэння атамаў і малекул, энергіяй іх іанізацыі, работай выхаду электронаў з цвёрдага цела і інш.).
Да Ф.з. адносяцца: фотаэфект (знешні і ўнутраны), фотаправоднасць, фотадыэлектрычная з’ява (змена дыэлектрычнай пранікальнасці), фотавальтаічная з’ява (узнікненне ў паўправадніку эрс. абумоўленай прасторавым раздзяленнем пар носьбітаў зараду, якія генерыруюцца эл.-магн. выпрамяненнем) і інш. На Ф.з. заснавана дзеянне фотаэлектронных прылад (фотарэзістары, фотадыёды, фотатранзістары, фотаэлементы, фотаэлектронныя памнажальнікі і інш.).
Літ.:
Рывкин С.М. Фотоэлектрические явления в полупроводниках. М., 1963;
Аут И., Генцов Д., Герман К. Фотоэлектрические явления: Пер. с нем. М., 1980.
Р.М.Шахлевіч.
т. 16, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)